МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ БОЙ 1812 Адбыўся ў вайну 1812 пры вызваленні г. Маладзечна рус. войскамі ад французаў 4—5 снежня. Пасля пераправы цераз р. Бярэзіна 26—28 ліст. Напалеон з ген. штабам і гвардыяй адступіў у напрамку Зембін—Плешчаніцы і 3 снеж. прыбыў у Маладзечна. Рус. войскі наступалі на Маладзечна з Пн праз Вілейку (авангард войск ген.-маёра П.В.Галянішчава-Кутузава) і з У (атрады войск ген. М.І.Платава і Я.І.Чапліца). 4 снеж. Напалеон адступіў у в. Беніца (Маладзечанскі р-н). 4 снеж. Платаў і Чапліц адцяснілі французаў у Маладзечна, дзе яны замацаваліся і ўзарвалі мост цераз р. Уша. У гэты час на дапамогу рус. войскам падышлі асн. сілы Дунайскай арміі П.В.Чычагова і войска ген. А.П.Ярмолава. Раніцай 5 снеж. яны ўварваліся ў горад і акружылі частку франц. ар’ергарда, якая здалася. 5 снеж. Напалеон прыбыў у Смаргонь, дзе перадаў камандаванне арміяй маршалу І.Мюрату, а сам накіраваўся ў Парыж. У гонар перамогі ў Маладзечне ў 1977 пастаўлены помнік.

Ш.І.Бекцінееў.

т. 9, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)